top of page

Івацэвічы

БРАЦКАЯ МАГІЛА САВЕЦКІХ ВОІНАЎ
БРАЦКАЯ МАГІЛА САВЕЦКІХ ВОІНАЎ І ПАРТЫЗАН

 

КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА
МАГІЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ПАЎСТАННЯ 1863-1864 ГГ.
КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА
ПАМЯТНЫ ЗНАК НА МЕСЦЫ ПАКАРАННЯ СМЕРЦЮ В.С.КЛЮТКО
ПОМНІК У.І.ЛЕНІНУ
ПОМНІК ВОІНАМ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАМ
ПОМНІК САВЕЦКІМ ВОІНАМ
ПУНКТ ГЕАДЭЗІЧНАЙ ДУГІ СТРУВЭ "ІВАЦЭВІЧЫ"
СЯДЗІБА ЮНДЗІЛАЎ
ЦАРКВА Ў ГОНАР АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ
ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР 490-ГОДДЗЯ ГОРАДА
Герб г. Ивацевичи

Упершыню згадваюцца пад 1508 г. у зельвенскай царкоўнай кнізе. Вядомыя як двор, шляхецкае валоданне на тэрыторыі ВКЛ. Першыя вядомыя ўладальнікі Ільінічы. Пасля смерці Мікалая Ільініча ў 1540 годзе яго заступнікам стаў сын Ян. У 1555 г. Івацэвічы, згодна з дакументам, з'яўляюцца ўласнасцю слонімскага суддзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Ільінічу. Пасля смерці Яна Віктарына ў 1566 г., яго жонка Ганна прадае частку маёнтка Івацэвічы пану Яну Юр'евічу Багуматку. У 1631 г. г. Івацэвічы - валоданне пана Стэфана Кандзежаўскага. З другой паловы XVI ст. Івацэвічы – у Боркінскай воласці Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. Каля 1750 г. тут быў збудаваны касцёл Святога Крыжа, які ў 1860 г. быў перароблены пад праваслаўную царкву, але ў 1922 г. зноў вернуты каталікам. У 1784 г. маёнтак Івацэвічы - уласнасць пана Яна Сеплюцкога, працавалі бровар, смалярня. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 12.12.1796 г. у Літоўскай, з 28.08.1802 г. у Гродзенскай губернях. З пачатку XIX ст. Івацэвічы належаць магнацкаму роду Юндзілаў. У 1845 г. Гродзенскім губернскім камітэтам быў зацверджаны інвентар маёнтка Івацэвічы, які належыў у гэты час памешчыку Івану Юндзілу. У дакуменце даецца маёмаснае і дэмаграфічнае становішча паселішча, пералічваюцца абавязкі прыгонных сялян перад спадаром. З адкрыццём 1 снежня 1846 г. Маскоўска - Варшаўскай дарогі пачала дзейнічаць Івацэвіцкая паштовая станцыя (1848 г.). З будаўніцтвам чыгункі Варшава - Масква (ўведзена ў эксплуатацыю 28 лістапада 1871 г.) адкрылася чыгуначная станцыя, узнікла паселішча пры ёй. У канцы XIX ст. у Івацэвічах былі бровар і цагельня, суконнае прадпрыемства і вадзяны млын, царква. У 1905 г. маёнтак Івацэвічы знаходзіўся ў Боркінскай воласці Слонімскага павета. У Першую сусветную вайну Івацэвічы знаходзіліся пад акупацыяй Германіі. З Івацэвічаў у целяханскія лясы была пракладзена вузкакалейка, па якой вывозілі лес, працавала пільня. З 1921 да 1939 г. - мястэчка ў складзе Польшчы, у Боркі - Гічыцкай гміне Косаўскага павета Палескага ваяводства. У 1935 г. у Івацэвічах - 1860 жыхароў, чыгуначная станцыя, пры ёй буфет. Была пошта, тэлеграф, аптэка, амбулаторыя, запраўка для аўтамабіляў, некалькі гатэляў, дваровая капліца графаў Юндзілаў, уладальнікаў вялікіх лясных тэрыторый у Косаўскім і Слонімскім паветах. Паравы рухавік забяспечваў электрычнасцю не толькі пільню, але і пасёлак, працавала пачатковая школа. З 1939 г. у складзе БССР. З 1940 г. у Косаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Працавалі МТС, лесазавод, спіртзавод, смалярня, электрастанцыя, млын, абутковая арцель, 7-гадовая школа, пошта, лякарня. З 24.06.1941 г. па 12.07.1944 г. знаходзіліся пад акупацыяй фашысцкай Германіі. У вайну загінулі больш за 1000 мірных грамадзян. Значная колькасць ахвяр - жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляныя ў 1942 - 1943 гг. ва ўрочышчы Жвіроўня. 25 жыхароў мястэчка не вярнуліся з фронту. Вызвалялі Івацэвічы часткі 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту з удзелам партызан 8-й партызанскай брыгады Брэсцкага злучэння. У баях за горад загінулі 162 савецкія воіны і партызаны (пахаваны ў брацкіх магілах на гарадскіх могілках і ў скверы па вул. Савецкай). У 1948 г. на брацкай магіле пастаўлены абеліск, у 1956 г. помнік - скульптура воіна. З 20.09.1947 г. - гарадскі пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага раёна. З 26.05.1966 г. Івацэвічы сталі горадам.

СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА
МЕМАРЫЯЛЬНЫ ЗНАК НА МЕСЦЫ РАССТРЭЛУ МІРНЫХ  ЖЫХАРОЎ
bottom of page