top of page

Час будаўніцтва надзвычай арыгінальнага па архітэктуры і мастацкім афармленні палаца невядомы. Пастаўлены палац на ўзвышшы, сярод векавых ліп, якія па перыметры акалялі ўсю сядзібу разам з пладовым садам. Такая кампазіцыя паркавага ансамбля ўскосна сведчыць, што палац быў пабудаваны не пазней чым канец XVIII ст. Ён захаваўся да сённяшняга дня дзякуючы таму, што ў ім знаходзілася раённая бальніца. Гэты гістарычны аб'ект з'яўляецца адным з самых старажытных пабудоў на Брэстчыне. Ён цалкам захаваў свой архітэктурны выгляд і менш за іншых пацярпеў за апошнія два стагоддзі. Палац у плане мае форму выцягнутага прамавугольніка. Збудаваны ён на высокім падмурку. Уяўляе сабой аднапавярховы будынак з амаль квадратнымі вокнамі. Уваход цэнтральнага фасада вылучаны невялікім порцікам на 2 парах стройных калон і 2 невялікімі рызалітамі па баках будынка. Над порцікам узвышаецца паўкруглы фігурны шчыток з невялікім акенцам. Даволі імпазантны выгляд мае тыльны фасад палаца, у цэнтры якога выступае 5-восевы рызаліт на 6 масіўных калонах з дарыйскімі капітэлямі, над якімі ўзвышаецца трохвугольны гладкі франтон. Архітэктурны дэкор абодвух фасадаў мае амаль аднолькавы характар. Бакавыя фасады мелі больш просты выгляд. На левым бакавым фасадзе меўся невялікі ганак на 2 калонах. Пасля апошняй вайны па баках асноўнага аб'ёму зроблены прыбудовы. Увесь будынак акружаў прафіляваны карніз. Палац быў накрыты гладкім чатырохсхільным жалезным дахам, меў 2 пары высокіх комінаў. Унутраная планіроўка будынка сёння значна зменена. Вядома толькі, што ў вялікай зале палаца стаяла вельмі прыгожая старадаўняя мэбля, якая была разрабавана яшчэ ў Першую сусветную вайну. Перад палацам знаходзіўся вялікі газон, а праз яго да параднага ўваходу вялі шырокія прысады, абсаджаныя жывой загараддзю з розных парод кустоў. У парку мелася некалькі прагулачных ліпавых і грабавых прысад. Да сённяшняга дня каля палаца захавалася некалькі лістоўніц.

 г. Івацэвічы, вул. Талочкі, комплекс раённай бальніцы

Сядзіба Юндзілаў

bottom of page