top of page

Пабудаваны ў 1877 г. з цэглы як парафіяльны на сродкі парафіян і прамыслоўца В.Пуслоўскага. Тут хрысціўся Тадэвуш Касцюшка, будучы кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г., які нарадзіўся ў суседнім фальварку Мерачоўшчына.
Складаецца з аднанефнага прамавугольніка ў плане асноўнага аб'ёму і больш нізкай пяціграннай алтарнай апсіды з 2 сакрысціямі. Асноўны аб'ём завершаны вежай званіцы з высокім шатровым пакрыццём, якая фармуе галоўны (паўднёва-заходні) фасад. Ён аформлены плоскімі нішамі разнастайных формаў і акном-ружай у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал уваходу адзначаны вымпергам. Сцены бакавых фасадаў рытмічна дзеляцца ступеньчатымі контрфорсамі. Будынак мае вузкія стральчатыя вокны з вітражамі. Нэф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якія дэкараваны арнаментальнай размалёўкай. Над уваходам - хоры на 2 калонках.
Касцёл - помнік архітэктуры неараманскага стылю.
Захаваўся механічны орган. Мастацка-кампазіцыйным кампанентам галоўнага алтара з'яўляецца абраз "Маці Божая Міласцівая". Захаваліся драўляныя скульптуры анёла і Іаана Хрысціцеля. Захоўваецца копія арыгінальнага запісу ў метрычнай кнізе аб хрышчэнні Тадэвуша Касцюшкі ў Косаўскім касцёле.

г. Косава, вул. Леніна, д. 39.

Траецкі касцёл

bottom of page