top of page

Палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 г. у сям'і беларускага шляхціча. У афіцыйных дакументах члены сям'і згадваліся пад прозвішчам Кастюшка- Сехнавіцкія (па назве радавога маёнтка Сяхновічы, цяпер на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна). Аднапавярховы драўляны дом Касцюшкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны згарэў, застаўся толькі разбураны падмурак.
   Пачатковую адукацыю Т. Касцюшка атрымаў у калегіі піяраў у Любяшаве (1756-1759 гг.). У 1769 г. скончыў Варшаўскі кадэцкі корпус, у 1769-1774 гг. вучыўся ў ваеннай акадэміі ў Парыжы. Значны ўплыў на фарміраванне яго светапогляду аказалі сачыненні французскіх матэрыялістаў. Пасля вяртання на радзіму працаваў хатнім настаўнікам. У 1776-1783 гг. Т. Касцюшка добраахвотнікам удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы. Вызначыўся ў бітве пад Саратогай (1777 г.). Быў узведзены ў чын брыгаднага генерала амерыканскай арміі. У 1784 г. вярнуўся на радзіму і займаўся гаспадаркай у Сяхновічах. З 1789 г. у польскай арміі. Праявіў сябе здольным камандзірам ў баях з войскамі Таргавіцкай канфедэрацыі (1792 г.). Пасля перамогі канфедэратаў выехаў за мяжу і стаў адным з кіраўнікоў польскай эміграцыі. У пачатку нацыянальна-вызваленчага паўстання (сакавік 1794 г.) Т. Касцюшка вярнуўся ў Польшчу, быў абвешчаны галоўнакамандуючым нацыянальных узброеных сілаў і начальнікам паўстання. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцкае войска 4 красавіка 1794 года пад Рацлавіцы разбіла царскія войскі (атрад генерала Тармасава).  Т. Касцюшка імкнуўся схіліць да паўстання сялянскія масы і насельніцтва гарадоў, надаць яму агульнанародны дэмакратычны характар. Аднак з-за супраціўлення шляхты і ўласнай нерашучасці гэтай мэты яму дасягнуць не ўдалося. Падчас няўдалай бітвы каля Мацеёвіцы 10 кастрычніка 1794 г. Т. Касцюшка быў цяжка паранены і ўзяты ў палон царскімі войскамі. Па загадзе Кацярыны II заключаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення Паўлам I (1796 г.) выехаў у ЗША, у 1798 г. зноў вярнуўся ў Еўропу. Захоўваючы вернасць дэмакратычным прынцыпам, не пагадзіўся ўзначаліць польскія легіёны ў Францыі, якія контррэвалюцыйная французская Дырэкторыя збіралася выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Пазней адмовіўся супрацоўнічаць з Напалеонам I (1806 г.) і Аляксандрам I (1814-1815 гг.). Т. Касцюшка памёр 15 кастрычніка 1817 г. у Салюры (кантон Залатурн, Швейцарыя). Прах перавезены ў Кракаў і пахаваны ў замку Вавель.
Т. Касцюшка ўстаноўлены помнікі ў многіх гарадах Польшчы, 4 гарадах ЗША. Яго імем была названа 1-я пяхотная дывізія Войска Польскага, сфарміраваная ў Савецкім Саюзе ў 1943 г. Імем Т. Касцюшкі названы вуліцы ў г. Смаргонь і в. Леніна Горацкага раёна.
У 2004 г. была адноўлена на падмурках XVIII ст. і па малюнках XIX ст. Адкрыты дом-музей Т. Касцюшкі.

г. Косава, урочышча Мерачоўшчына.

Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі

bottom of page